Я глыбей і глыбей
Перахоўваю мары.
Надалей і далей
Перацягваю дні.
Я даўно не баюся
Нябеснае кары,
Не чакаю нічога
Ад моўнай радні.
Кожны з нас пражывае
Сваё вымярэнне.
І для кожнага сцежка
Да хаты свая.
Адчуваецца боль
Толькі ў момант гарэння.
Калі не за сябе,
Тады боль – удвая.
Мір такі, які ёсць,
Яго не перайначыш.
Не бывае хлусні
Проста так, без людзей.
Ты яе кожны дзень
У ліслівасці бачыш.
І яна твой давер
Па зярнятку крадзе.
Ты па- іншаму ўбачыш
Таго небараку,
Каму хочацца быць
Найляпшэйшым за ўсіх,
Пашкадуеш яго,
Але менш, чым сабаку,
Бо ў сябры ты сабаку
Абраў з іх дваіх.