Мужык - у моры...
Мужык - у моры... Ў паліто нырае…
Чым выклікае ступар у жанчыны:
-Што гэта з Вамі?
-Паліто сціраю…
-На тое ж ёсць сціральная машына!
-Мо, ў ёй сціраць было б адзенне лоўка,
Але ў мяне там кружыцца галоўка.
Браслаўскія азёры
Браслаўскія азёры -
Прасьветлая вада.
Купаюцца тут зоры -
І гіне ўся бяда.
А хаты, агароды
Сьвітання сырадой
П'юць, як жывую воду,
Малінавы настой.
І я ў ваду сьвятую
Рукі апушчу...
Ў яе пяшчоце чую
Браслаўскую душу.
І зоркай растваруся
У возеры на міг -
Нібы зноў павярнуся
Да прашчураў сваіх.
Азёрнае хрышчэнне.
Юшка. Дым кастра.
Мараў-мрояў цені.
Зялёная вярста...
І твае вусны –
Соранг-вецер -
Як казка з даўніх сноў...
Дзе б ні гасьціла ў сьвеце -
Ў Браслаў прыеду зноў.
2007
Жыцце не лічыцца ні з кім
ЖЫЦЦЁ НЕ ЛІЧЫЦЦА, ТЫ ВЕДАЕШ, НІ З КІМ.
ЯНО ДЛЯ НАС З ТАБОЙ НЕПАДУЛАДНА.
МЫ АД ГАДОЎ ЯГО ТАК ХУЦЕНЬКА БЯЖЫМ,
ХОЦЬ РАЗУМЕЕМ, ШТО НАПЭЎНА МАРНА.
МЫ ТАК ІМКНЁМСЯ, ЛЮДЗІ, ЧАС СПЫНІЦЬ,
ТРЫМАЦЬ Ў РУЦЭ ГАДЗІННІК НЕПАЗБЕЖНАСЦІ
І КОЖНЫ НОВЫ ДЗЕНЬ АПОШНІМ НЕ ЛІЧЫЦЬ,
А ТОЛЬКІ УСЯГО ПРАЦЯГАМ ВЕЧНАСЦІ
Беларусь -- "вернай дарогай"...
Сябры, замест атруты астракізму
цярпення назапасім, шкварак, крынак…
“Адзінай вернай…” шлі ўжо к камунізму,
а выйшлі ўсё адно — на рынак.
Апантанасць
Дарагая! Кахаю!
Чакаю! Шукаю!
Дзе знайду- дзе губляю цябе…
А цягнік адбывае,
Вецер лісце зрывае
І мяце, і мяце, і мяце…
Ўсе сляды замятае,
Толькі я адчуваю,
Што яшчэ не губляю цябе.
Хай дарога віхляе,
Вецер лісце зрывае…
А ці я адшукаю?
Можа я адшукаю?
Але я абяцаю,
Што знайду, адшукаю цябе!
О Беларусь, мая шыпшына
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй — пад колер сталі —
праменне яснае люблю.
Ніколі пройме з дзікім ветрам
не развіваць дзявочых кос.
Імкнешся да Камуны Свету,
каб радасць красавала скрозь.
Варожасць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
Жыта, сосны і валуны
Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сьніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.
I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
Мова
Табою, знаю, пагарджалі,
Табе знішчэннем пагражалі,
А ты − жыла, а ты − тварыла,
Ты свету геніяў дарыла,
О, маці мова! Тваё слова −
Паветра для душы жывой,
Заўсёды мне, сялянка-мова,
Такі гаючы гоман твой.
А ты сама – душа народа,
Яго краса, яго прырода:
Народ нікім не растаптаны,
Праз навальніцы, ураганы
Цябе, адвечную, пранёс.
Ты неахопная – як воля,
Ты неацэнная – як доля,
Ты неад’емная – як лёс.
Ты пакліч мяне. Пазаві...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві —
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.
Калі адцвітаюць каліны...
Калі адцвітаюць каліны
I ў вырай спяшаюцца дні,
Шукаю пад крык жураўліны
Калодзеж лясной цішыні.
Згушчаюцца зоры над дубам
I свецяць халодным агнём.
Калі нахіліцца над зрубам,
Ты можаш іх бачыць і днём.
Прыняўшы жыцця эстафету,
За сонца прыходзіць імгла,
Трымаюць цвярдыні сусвету
Калоны густога святла.
Галін пацяжэлі аркады,
I лес прымірэнча гудзе:
He страшны ніякія страты,
Калі побач хлопчык ідзе.
Вось толькі думкі аб вясьне...
І сьніцца мне лісток асіны,
Таполі лісьце залатой.
І сьняцца ў чырвані рабіны
Уздоўж сьцяжынкі паласой,
Якою бегаў да крыніцы,
Нагой ступаў у глыб вады
І чуў як казкі, таямніцы
Шапталі мне палі, сады...
Як вербы, бачыў, мылі косы
І ветру шэлест чуў і гам,
Я чуў, як плачуць ранкам росы
На павітаньне сонным дням.
І сьніцца мне лісток асіны,
Радзімы восень сьніцца мне -
Дажджоў халодных валасіны,
Вось толькі думкі аб вясьне...