Нарадзіўся 19 жніўня 1910 года ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці ў сям'і служачага. Сапраўднае імя — Аляксандар Сінічкін. У 1927 г. паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога настаўнічаў у саўгасе «Сосны» Любанскага раёна. Скончыў у 1938 г. Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Займаўся ў аспірантуры пры АН БССР.
У 1939 г. прызваны ў Савецкую Армію. Быў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты «В бой за родину». З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Загінуў 23 жніўня 1942 года пад Сталінградам.
Першыя вершы надрукаваў у 1926 г. (газеты «Магілёўскі селянін» і бабруйская — «Камуніст»). Выдаў зборнікі вершаў «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938). Найбольш значны твор паэта — паэма “Крывёю сэрца”, прысвечаная грамадзянскай вайне ў Іспаніі, выйшла ў 1937 годзе. Надрукаваны напісаныя для дзяцей у сааўтарстве з А.Ушаковым паэмы «Пра майго таварыша» (1939), «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (1939) і зборнік вершаў «Пра майго катка» (1950). У 1960 г. выйшла «Выбранае», у 1987 г. — зборнік «Крывёю сэрца» (вершы, паэмы, успаміны пра паэта).
Аўтар лібрэта аперэты «Зарэчны барок» (з А. Ушаковым, пастаўлена ў 1940).
У 27 гадоў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.