Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Біяграфія Міколы Хведаровіча

Нарадзіўся 24 сакавіка 1904 года ў мястэчку Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні, цяпер горад Мінскай вобласці. Сапраўднае прозвішча - Чарнушэвіч. У 1915—1918 жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў у Калузе, вучыўся ў гарадскім вучылішчы. Вярнуўшыся з бежанства, вучыўся ў вучылішчы мяст. Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 уступіў у камсамол. З 1921 у часці асобага прызначэння. У 1923 сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 г. - камісар Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1928 г. скончыў рабфак у Мінску, у 1931 — БДУ. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—1933 рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». Член СП Беларусі з 1934. У 1933—1934 загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—1937 адказны сакратар час. «Полымя рэвалюцыі», сакратар час. «Минск». Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП. Арыштаваны ў 1938 г. Асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. З 1946 працаваў у Каршынах Узбекскай ССР. Паўторна арыштаваны ў 1949 г., сасланы ў Енісейск Краснаярскага краю. У 1956 вярнуўся ў Беларусь. Займаўся літаратурнаю творчасцю. Рэабілітаваны ў 1955 г.

У друку пачаў выступаць з 1924 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Настроі» (1929), «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).

Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).

Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А. Фадзеева «Апошні з удэге» (з А. Звонакам, 1935), паэмы З. Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А. Звонакам, 1966), раман У. Кочатава «Браты Яршовы» (з І. Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Ш. Пецёфі «Ліра і меч» (1971).

Лаўрэат прэміі вугорскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду вугорскай паэзіі на беларускай мове.