Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Біяграфія Станіслава Шушкевіча

Станіслаў Пятровіч Шушкевіч нарадзіўся 6(19) лютага 1908 года на Койданаўшчыне ў вёсцы Бакінава ў сям'і беззямельнага селяніна. Бацька першага кіраўніка РБ Станіслава Шушкевіча. У 1924—1926 вучыўся ў 11-й сямігадовай школе Мінска. У 1926 паступіў у МБПТ; стаў членам літаб'яднання «Маладняк», БелАПП.

У 1928—1930 працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР; у 1930—1931 загадваў бібліятэкай Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі; у 1934—1935 працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», у 1935—1936 — газеты «Звязда». Адначасова вучыўся на крытыка-творчым аддзяленні літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1934. Асуджаны пазасудовым органам у 1937 годзе за «прыналежнасць да контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да 8 гадоў ППК. Падчас арышту быў жанаты, гадаваў дзіця, працаваў супрацоўнікам аддзела культуры газеты «Звязда». У 1937—1946 знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Працаваў шахцёрам, цесляром, бухгалтарам у лагеры МУС Кемераўскай вобласці, пасля вызвалення (1944) - вольнанаёмным бухгалтарам саўгаса. У 1946 вярнуўся на Радзіму; працаваў настаўнікам СШ у Данілавічах Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Паўторна арыштаваны ў 1949 годзе і асуджаны да высылкі ў Краснаярскі край, дзе Шушкевіч працаваў лесарубам, у геалагічных партыях і экспедыцыях. Рэабілітаваны ў 1954 годзе. Вярнуўся ў Мінск у 1956 годзе. У 1956—1958 працаваў у газеце «Мінская праўда», у 1958—1970 быў загадчыкам аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва». З 1970 на пенсіі. Канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах у 1975 годзе.

Дэбютаваў вершам у студзені 1924 года (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987), кнігі ўспамінаў «Вяртанне ў маладосць: Успаміны і нататкі» (Мінск, 1968; у тым ліку успаміны пра беларускіх пісьменнікаў), зборніка сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969), кніжак вершаў, апавяданняў і казак для дзяцей «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Сарочы церамок» (1959), «Мы на змену ідзём» (1961), «Гара Марата Казея» (1963), «Будзільнік» (1966), «Апавяданні пра Марата Казея» (1968, 1988), «Вясёлыя дзятлікі» (1970), «Колькі кіпцікаў у кошкі» (1972), «Дванаццаць пасланцоў» (1973), «Барадаты камар» (1977), «Красавік» (1977), «Ліса з магнітафонам» (1979), «Казачны церам» (1983), «Едзе страшная Яга» (1985), «Казёл на верталёце» (1987). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1988 г. — «Выбранае».

Многія творы пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, азербайджанскую мовы. У 1979 годзе ў Кіеве выйшла кніга вершаў "Лісова колиска" на ўкраінскай мове.

Многія вершы паэта беларускія кампазітары Чуркін, Цікоцкі, Семяняка паклалі на музыку. Украінскі кампазітар Л. Лявітава напісала 24 песні на словы Шушкевіча.

Член СП БССР з 1934 года. Узнагароджаны медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).

Shushkevich.jpg