Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Біяграфія Уладзіміра Жылкі

Нарадзіўся 27 траўня 1900 года ў вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914). Падчас 1-ай сусветнай вайны сям'я Жылак была ў бежанцах ў Тульскай губерні. Вучыўся ў Багародзіцкай агранамічнай навучальні Тульскай губерні (1915-1917). З 1917 г. жыў у Мінску, друкаваўся ў мінскіх выданнях, працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Мінскам (1918-1919). Восенню 1920 г. захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў вёску Падлессе Навагрудскага пав. Пасля Рыжскага дагавора застаўся ў Заходняй Беларусі. Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Хаваючыся ад пераследу рэжымам ген. Л. Жалігоўскага, выехаў у Коўна, затым у Дзвінск. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, а ў лютым 1923 г. выехаў на вучобу ў Чэхаславакію, да 1926 г. жыў у Празе, па стыпендыі чэхаславацкага ўрада вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Карлава універсітэта. У Празе рэдагаваў часопіс «Новы прамень». У 1926 г. прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Застаўся ў БССР. Працаваў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Займаўся перакладамі для Белдзяржкіно. У 1930 г. арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 г. асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобласці, дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Рэабілітаваны ў 1960 г. Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР.

Дэбютаваў у друку з вершамі у 1920 г. ў заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё». Аўтар паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зборнікаў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927), «Вершы» (Мінск, 1970), зборніка «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, Мінск, 1986).

Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.

zhylka.jpg