Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Абвінавачваецца свабода

Яшчэ не ацэнена

Вільня. 22 сакавіка. Сёмая гадзіна раніцы. Каліноўскі пасярод каземата, на руках і нагах кайданы. На сцяне вісіць абразок, перададзены спачуваючымі. На цэгле некалькі спісаных аркушаў паперы. Працяглыя хвіліны цішыні парушаюцца хрыплым голасам зняволенага.

I

– Я непахісны многа год
I многа год цяплом сагрэты,
Што выпраменьвае народ.
Я – чалавек! Я – сын планеты!
За краты падае святло
На твар злачынцы нелюдзімы,
Але ўсе ведаюць адно:
Я – патрыёт! Я – сын радзімы!

(Хвіліны цішыні...)

Iзноў на сон хіліць усход,
А ён ад ранку да змяркання
За родны моліцца народ,
Ў радзіму верачы дазвання.
Паслухай, братка, тую споведзь
Зняволенага патрыёта.
Аб вольным праве зараз мовіць,
Паўстаўшы першым супраць гнёту.

II

Каліноўскі намагаецца працягнуць расповед аб сваім жыцці, але думкі блытаюцца ў яго галаве.

– Хто стомлены дарожным пылам,
Апалены пякучым сонцам,
Дае свабоду вольным крылам
У роднай бацькавай старонцы,
Ляціць у неба ён высока
I заклікае выйсці ў бой,
Каб скінуць ланцугі аброку,
Маскоўскі ронд па-над сабой.
Каб разам дзецюкі вякамі
Свой баранілі родны дом,
Не налятала крумкачамі
Чужая шляхта з бізуном.

(Хвіліны цішыні...)

Паслухай, братка, тую споведзь,
Ён не шукае спачування:
Жыццё нічым не абумовіць,
Калі у ім няма кахання.

III

Кожнае слова даецца з цяжкасцю зняволенаму, у роце перасохла. Але ён працягвае.

– Кахаў цябе сваёй вясной,
Марыся... Любая дзяўчына.
Што зараз сталася з табой?
У гэту млявую часіну
Не адрачэшся ты мяне,
Бо не парушыцца каханне
Ні ланцугамі у турме,
Ні шыбеніцай золкам раннім.
Што ж, не шкадую і цяпер,
Што раз аднойчы назаўжды
За наша шчасце барацьбе
Адданы лепшыя гады.

(Хвіліны цішыні...)

Паслухай, братка, тую споведзь
Зняволенага патрыёта.
Аб вольным праве зараз мовіць,
Паўстаўшы першым супраць гнёту.

IV

Каліноўскі робіць яшчэ адну спробу звязаць думкі, але цяжар бяссонных начэй становіцца непераадольным.

– Заўсёды стаўлю у намер
Знайсці ў свабодзе паратунак:
Радзімы дом – астрог. Жаўнер
Вартуе свет ад вольных думак.
Паўстанню мужных вельмі рад,
Заўжды жыццё аддаць гатоў
За працвітанне родных хат,
За справу слаўную братоў.

(Хвіліны цішыні...)

Дык слухай, братка, тую споведзь
Зняволенага патрыёта.
Аб вольным праве зараз мовіць
Паўстаўшы першым супраць гнёту.

Час няўрымсліва адлічвае свой рух. Зняволены ўсё разумее.

– Вам завяшчаю урачыста
Аберагаць Айчыну пільна,
Пішу з-пад шыбеніцы ліст.
Ваш Яська-гаспадар з-пад Вільні.

(Хвіліны цішыні...)

Раптоўна ўваходзіць канвой і выводзіць рэвалюцыянера на экзекуцыю.