Адгалёкала лета. Збіраецца ў вырай.
Мы па-свойму сягоння праводзім яго:
заблукаўшы апоўначы параю сірай
у абшарах заветнага лугу свайго.
Мы з табою ўсё лета збіралі тут кветкі
і шукалі жар-птушкі сляды ў мурагу.
А цяпер сеем росы — як малыя дзеткі,
на каторых разлука нагнала тугу.
Ты ў далонях маіх саграваеш далоні,
бы стамлёны вандроўнік душу ля агню,
а глядзіш на мяне, як на лік на іконе,
не прымаючы вуснаў маіх цяплыню.
Я трымаю цябе ў ратавальных абдымках,
асвятляючы ўсмешкай сутонне душы—
і пры тым адчуваю сябе невідзімкай,
бо самоту тваю не магу патушыць.
Ды малю: не сумуй! Глянь, як высі зайгралі!
Я сягоння табе, каб затміла зару,
назбіраю са жнівеньскіх знічак караляў
і калье маладзіка з нябёс падару.
І няхай зазвініць на расстанне калоссе—
недажатая латачка летніх хвілін!..
І давай захаваем на доўгую восень
пра апошнюю летнюю ночку ўспамін.
15.08.2014