***
Калі доўга не хочуць ваш талент прызнаць
І не бачаць натхнёнай работы,
Не спяшыце ў зямельку яго зарываць,
Можа быць, вакол вас ідыёты.
***
Праляцелі эпохі імгненнем адным,
Пакаленні даўно за тым светам,
Як жа добра адчуць сябе з ранку жывым
І камусьці засведчыць аб гэтым.
***
Перапрыгваю па кіламетру,
За сабой разуменне цягну,
Раз сягоння іду супраць ветру,
То няхай мне плююць у спіну.
***
Ну, бывае такое, бывае,
Што ня йдзе у прафесіі дзела,
Калі таленту вам не хапае,
Пераходзьце у геніі смела.
***
Слухаю сяброўскую бяседу,
Ад душы мяне ушанавалі,
Сёння, акурат пасля абеду,
Непрызнаным геніем прызналі.
***
Зарплата крывіць сваю рожу,
Да ніткі сцёрлась паліто,
Пакрыўдзіць творцу кожны можа,
А даць капеечку – ніхто.
***
Колькі Бог павінен даць нам хлеба,
Як Яго занята галава,
Хоць мільярды нас, а ўсё ж пад небам
Зноўку чалавекі толькі два.
***
Ад вякоў, як мы сталі ў Эдэме грашыць,
Для ваганняў адна ёсць прычына:
Не жаніся на той, з якой можна пражыць,
А на той, без якой немагчыма.
***
Што не замярзае на марозах?
Што ратуе кропелькай адной?
Пэўна алкаголь у дробных дозах
Нам карысны ў колькасці любой.
***
Гэтаму веку імкліваму
Не даспадобы бяспечнасць,
Шчасце каротка шчасліваму,
Гора гаротнаму – вечнасць.
***
Каб вы зналі, як пагана
Кампазітары жывуць,
Устаюць заўсёды рана
І гарэлку вечна п’юць.
***
Ева кінулась імкліва
На Адамаву любоў,
І успомніў Бог жахліва:
Рэбры – косці без мазгоў.
***
З тых пор, як пад небам народы
Кідаюцца ў радасць і плач,
Кароль раздае ўзнагароды,
А казні звяршае палач.
***
Справа добрая за вугал
Сёння выйшла пагуляць,
Злыя людзі, быццам вугаль,
Раз не паляць, то чарняць.
***
Колькі думак зіхаціць
На святых магілах,
А мінулага змяніць
Нават Бог не ў сілах.
***
Часам, бывае, мудрасці
Не дасягнуць і дна,
Ды па шляху далёкасці
Старасць прыйшла адна.
***
Бывае, ў Гасподніх руках
Жыццё так павернецца смела,
Што грэшнікам стане манах,
Палач зробіць Божае дзела.