Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Апакрыфічны жыцьцяпіс Магамэта

Сярэдняя: 3.3 (4 галасоў)

сура 1

Ён ня быў ні за кога – ні шэйхі яго, ні эміры
не цікавілі: што яму зь іхніх сумніўных багацьцяў?!
Клаў на моду, законы, вайсковыя зборы й турніры,
бо прарокі ніколі ня верылі прапагандзе.

сура 2

Ён быў знаным паўсюль мэляманам: зьбіраў фанатэку,
рарытэтныя нотныя сшыткі мяняў на футры.
Сузіраючы жорскасьць свайго ваяўнічага веку,
пад уміраны сьпеў муэдзіна запісваў суры.

сура 3

«Хто ўжывае віно, толькі той і патрапіць да гурый», –
пад аліваю лежачы, славіў жыцьця асалоды.
«І ніякая лажа, ніякія сваркі і бздуры
не аспрэчаць красы й смакаты богатворнай прыроды».

сура 4

Па вялікім рахунку ўсе бабы хоць крышачку дуры, –
але ўночы – бясспрэчна! – багіні (з Аллагавай згоды).
Што ж, і Творца, ствараючы сьвет, не пазьбегнуў халтуры;
дзеля жарту наслаў нам на дупы такія прыгоды.

сура 5

Вандраваў па краёх апантаным вясёлым турыстам.
Ведаў месцы аазісаў, мовы, грашовыя курсы.
Больш за ўсё ненавідзеў паўсюдных салдат-каляністаў.
Меў вялікую слабасьць да кніг і фруктовых мусаў.

сура 6

Быў бы там інтэрнэт – сябраваў бы з паловаю сьвету,
ад імя Усявышняга тэксты вывешваў на сайце.
Ён ня меў ані прынцыпаў, ані жыцьцёвае мэты.
Ні ў адным не пазначаны сьпісе, ні ў якім штаце.

сура 7

Ён сьмяяўся з няшчасных што прагнулі Армагедону,
харызматаў з даўгім языком уважаў за хлусаў;
не любіў пурытан за дэбільныя іх загоны:
што ў сапраўднага верніка мінусаў менш чым плюсаў.

сура 8

Не, адзінае праўды няма – ёсьць уява ды вера.
І нішто больш ня здольнае даць чалавеку свабоду.
Усе астатнія рэчы – банальныя глупства й хімэра.
Ну і збольшага людзі – калгасьнікі ўсё ды ўроды.

сура 9

Непасрэднасьць дзіцячую славіў на кожным базары,
але што гандлярам неразборлівы трэнас паяца.
Ён аднойчы патрапіў на некалькі содняў на нары,
бо народ баламуціў натхнёнай прамовай на пляцы.

сура 10

Ён валіў супраць плыні, набожны герой андэграўнду,
адкрываючы вочы на гнюснасьць наяўнай сыстэмы.
Быў спакойны да здрады сяброў і чужое пагарды,
бо Аллаг быў ягоным надзейным ахоўным татэмам.

сура 11

Ён ня меў ані лецішча, ані кватэры – нічога,
неўтаймоўны аматар шматлюдных сумніўных кампаній.
Гэты чортавы цынік ніяк не цягнуў на прарока,
Клаў на ўсё і на ўсіх. І – бухаў дзень пры дні ў Рамадане!

сура 12

У жаданьні рабіць абы-што ёсьць прывабнае нешта:
слухаць сьпевы фантанаў, бяздумна валяцца ў ложку.
Ён мінаў боль і скруху, хаця й быў звычайнай пешкай.
Проста жыў дзеля кайфу й не парыўся ані трошкі.

сура 13

«Ну чаму менавіта яму даў Аллаг блаславеньне
несьці радасьць і лёгкасьць па вёсках, аулах, мястэчках!?»
Барадаты нягеглы мужык, ён штоночы нязьменна
узіраўся ў нябёсы, дзе – Бог, НЛА… І пустэча.

сура 14

Ён памёр у бардэлі з шыкоўнай красуняй пад бокам.
У кішэні знайшлі падрабязны інтымны дзёньнік.
Для ягоных сыноў гэта ўсё было проста шокам.
Хер ты знойдзеш такое сярод кананічных кронік.