Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Апошняя песня Дантэ

Сярэдняя: 4.1 (11 галасоў)
                                             Арлену Кашкурэвічу

У пошуках за любай і адзінай,
Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі
Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім,

У нетры той нязведанай зямлі,
Дзе нават пекла ўлада асяклася,
Дзе павуціння д’яблы не плялі

На душы самых горшых, тых, што гасяць
У чалавеках праўду і любоў,
На душы, дзе кублом гадзюк сплялася

Атрута вераломства. Злосць звяроў
Узнагарылася бы поруч з ёю...
I там пабачыў я бяздонны роў.

Бязмежнаю варонкаю крутою
Зрываўся ён ля самых нашых ног
У нетры зла. I гэтаю сцязёю

Сам Божы сын — і той прайсці б не змог.
Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы,
Схіл зла і слёз, адчаю і трывог.
 
Пакут і безнадзейнасці пякучай.
I нехта там варочаўся на дне,
Дарэмна поўз на ледзяныя кручы

I ўніз зрываўся, грузны, як свінец.
Ў бяссільнай злосці, ў ярасці пакутах
Ён ланцугамі пачынаў звінець,

Стагнаў і выў раз’юшана і люта,
I роў, як львы і гарпіі — адзін, —
Як быццам дэман там крычаў прыкуты

Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін...
I я пабачыў, што вакол бязодні
Стаяў натоўп занураных мужчын.

Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных.
Там быў мой брат з крывёю на губах,
Мой друг, апечаны агнём паходні.

Распятыя на болю і дратах,
Яны вакол стаялі і чакалі,
Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках.

Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі
Двухногіх нейкіх, тоўстых ці худых,
Якія скавыталі і стагналі

Аб літасці на розныя лады,
А ураган, імпэтны і імклівы,
Іх кідаў на адхон, на край, на льды.

I вось тады натоўп людзей маўклівы,
Над прорваю схіліўшыся ніжэй,
На гэтых, што спаўзалі па абрыву,

Стаў кідаць срэбных і цякучых змей.
I змеі іх кусалі ў вочы, ў карак,
У кіпці, што чапляліся за глей.

Яны зрываліся. I там пачвара,
Ўздымаючыся змрочнай галавой,
Задыхала атрутнай, мерзлай парай
 
I забурчэла з радасцю нямой.
I спадарожнік мне сказаў з трывогай:
«Горш сатаны царыца прорвы той.

Яе адроддзе пазабыла Бога
I, д’яблаў горш, пануе на зямлі,
У вёсках, гарадах і на дарогах.

О справядлівасць, душы іх спалі!
Развей іх попел! Пракляні іх семя!
Да сотага калена спапялі!

Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя
І зрынуць іх сюды, на дно, на дно,
На схілы прорвы, вострыя, як крэмень!

Каб дзерла твары ім, як бараной,
Каб паспыталі многіх простых мукі,
I каб пачвара зжэрла гэты гной,

Як змеянят сваіх жарэ гадзюка...
Хай згубіцца ў бяздонні іхні крык, —
I зацвітуць зямлі пакутнай лукі,

I заплыве правал, як свет стары,
Бо здохне з голаду дракон-пачвара,
Бо злосць яго без паліва згарыць».
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .  
Ён скончыў. I прадбачаннем кашмара
Я ў яме зведаў ворага майго...
Ты, вечная любоў мая і мара,

Загінула ад подыху яго,
Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку,
Пакінуўшы мяне з маёй тугой.

«Настаўнік, — я спытаў (нясцерпна-дзікай
Была здагадка. Я хацеў стагнаць), —
Хто там крычыць у ярасці вялікай?»

I ён сказаў: «He бачыш ты?
Вайна!»