Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА АНАТОЛЯ БЕЛАГА

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

(10.12.1939—14.11.2011)

…У Доме рыпяць палавіцы,
Бы ў Храме вялікім, старым,
Які ты стварыў не ў сталіцы,
Які для Айчыны стварыў.

Навокал карціны… Партрэты…
Харугвы… Сцягі і крыжы…
І ўсё беларускае гэта,
І ўсё ад душы для душы.

І ты не спяшаючы крочыш,
Бо новы, прыдбаўшы, партрэт,
Партрэту знайсці месца хочаш,
Бы кропку, з якой белы свет
Ты зможаш скрануць і зіначыць,
Каб болей тут бед не было,
Жыла Беларусь, а іначай
Ці трэба ад Бога святло,
Бо ў час, калі мова загіне,
Мы следам загінем за ёй
І ўся Беларусь дамавінай,
Як сэрца Еўропы сівой,
Ляжаць будзе сумна прад Богам,
Які паспрыяў нам, каб мы
Сваю пракладалі дарогу
У Заўтра з сухотнай зімы…

Як плачуць, рыпяць палавіцы,
З партрэтаў паўстанцы глядзяць,
Якімі жывым ганарыцца,
Якіх з нашых душ не прагнаць
Нікому, нікому, ніколі,
Бо тут—Беларусь назаўжды,
Тут нашае Заўтра і Воля,
Тут нашы героі і ты…

15-16.11.2011