(23.08.1917—02.04.1995)
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю—
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
П. Панчанка
Паэты проста так не паміраюць,
Іх белыя анёлы забіраюць
У лепшы свет ад хамскае хлусні,
У вечны свет ад пыльнай мітусні,
Дзе мы жывём у полымі жыцця,
Самотныя, як дрэвы без лісця…
Паэты адыходзяць, нібы дні,
Дзе адвуглелі вольнасці агні,
Дзе мы адчулі: тут наш родны кут
І за яго нам будзе Божы Суд,
Калі не зберажом яго святло,
Што праз стагоддзі і да нас дайшло…
Ты плакаў, размаўляў з матуляю,
Казаў: “Я да грудзей прытульваю
І песню родную, і мову маці,
Каб іх ніколі наш народ не страціў…”
І ведаў ты, што жаўранак начуе
У сэрцы, што другія сэрцы чуе,
Якім трывожна не за ўсё на свеце,
А за бярозу, што ламае вецер,
За рэчку за сялом, што абмялела,
За сцежку, што за лета затравела…
Паэты, як Хрыстос, не паміраюць.
Яны жывуць і смерць перамагаюць…
10.04.1995; 30.03.2011