(7.08.1879 — 8.03.1928)
Прага. Альшанскія могілкі. Светла
Сцежка вядзе праз гады і праз лета
Зноў да цябе, быццам бы да званіцы,
Дзе на каленях стаяць і маліцца,
Каб адзіноты, як гора, пазбыцца...
І забываецца ўсё, што чужое,
Шэрае, чорнае і залатое,
Помніцца роднае толькі, святое,
Дзе Беларусь пачыналася наша.
Вецер табе пра Айчыну раскажа
Тую, якую ты сніў і якая
Шлях свой знайшла і ў сабе зберагае...
Першае лісце дадолу злятае —
І ўжо сцяжына — змяюка жывая
Пад валуны не хаваецца болей.
Людзі жывуць, калі дыхаюць воляй,
І памірае краіна, якая
Мову народа, як сэрца, кідае
Чорнаму часу пад брудныя боты.
Не зарасце аніколі асотам
Тое, што ў сэрцах, што сэрцамі стала.
Ёсць Беларусь, і ўжо гэта — нямала,
Каб на Альшанскія могілкі светла
Сцежка вяла праз гады і праз лета
Зноў да цябе…
6.08.2009