(15.07.1876—17.02.1916)
Ратуючы людзей, сябе не ўратавала
Ад тыфусу, нібы ад чорнага агню…
Да хаты сцежкі злая ноч пазамятала,
І небакрай замецены, што нават дню
Ніяк не выкаціць з-за гаю сонца-кола,
Каб растапіць хоць на паўдня журбу ў
людзей,
Што цешацца яшчэ надзеяй кволай,
Што ачуняеш ты і стане жыць святлей
У родным краі, што даўно аб волі марыць
І чуе скрыпкі беларускай вольны спеў,
Дзе свеціцца лучынкай маладзік з-за хмары
І вецер адзінокі снег страсае з дрэў
Ля хаты, у якой ты сёння паміраеш
І нараджаешся… Як з кокана матыль
ляціць,--
Душой у неба беларускае ўзлятаеш
І крыжам застаешся ў Беларусі жыць…
30.09.2008