(25.09.1895—8.12.1968)
Далёка Беларусь— і ўсё далёка,
Што сэрцу міла і душы было.
Па снезе скача за табой сарока,
Збіраючы ў слядах тваіх святло,
З якім прыехала ў Сібір за мужам,
Якога выслалі, бо любіць ён
Радзіму, над якой вароны кружаць,
Аж сонца пачарнела ад варон,
І кроў людская, як вада, ільецца.
Ды кроў людская— не вада, і ты
Любоў трымаеш, як агонь, у сэрцы,
Якую не загубяць халады
Ні душ варожых, ні сібірскіх зімаў.
Па снезе, як па воблаках, ідзеш.
Заходзіць сонца, свеціцца Радзіма,
Як сонца, што не згасне анідзе…
13.07.2011