(1530-я—1599 або 1600)
Евангелле на мове роднай у руках
Трымаеш, як цагліну, што ў падмурак ляжа
Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках
І беларусам, як ты жыў, раскажа.
І чуе свет, што роднае любіць—не грэх,
Бо толькі роднае не здрадзіць нам ніколі.
Зноў на Айчыну сыплецца, як попел, снег,
Ды не схавае да друкарні сцежку ў полі
Ні снег, ні травы, што аднойчы аплятуць
І нашыя сляды, і замкі, і магілы.
І ты да нас ідзеш і за табой ідуць
Усе, каму наш родны край заўсёды мілы
І ў час завей, і ў час грымоты і дажджоў,
І ў здраднай цішыні, і ў час змагання,
Калі, нібы вада, ільецца наша кроў,
Што аніколі мёртваю вадой не стане,
Бо гэта наша кроў і ў ёй агонь жыве,
Які нам сцежкі да Айчыны асвятляе,
Як—і крыжы, што на касцёле і царкве.
Чужых крыжоў на Храмах нашых не бывае.
Евангелле на роднай мове мы ў руках
Трымаем, як цагліну, што ў званіцу ляжа
Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках
І заўтра ўсім пра час, дзе мы жылі, раскажа.
24.01.2009