Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Беларусь

Сярэдняя: 3.7 (6 галасоў)

Беларусь, летні квет мой, зіма надыходзіць.
Белы дзікі пялёстак заінеў ці не?
Жаваронкавай годнасцю неба лагодзіць -
"Годзе, годзе" - спявае вайне.
Супакойвае, як немаўлятка ў калысцы
Каласоў пачарнелай жнівы і маны.
Вечнай праўды лісты альбо восені лісце
Вецер, вецер, за краты згарні.
Пагартаюць, пялёсткі на лёс пералічаць
Вязні, вязні сумлення. І гнёзды жыцця
Вецце, ты збарані.
Нас рамонкі паклічуць
І вачамі валошак палі паглядзяць.
Прамяні павуціння і пух, і лупінка -
Раскіданыя гнёзды не райскіх бароў.
Мы спяваем-хаваем адну "Купалінку"
І ўплятаем "Чабор" ў вянкі вечароў.
"Пепапёлачка", дзе не малітва - замова:
"Паляўнічы міне нас". Не краты - аер.
Людзі, людзі дамовы, агульнае мовы,
Дом адкрыты, чароўны давер.
Здані ў чорным чакаюць у цемры пад домам,
Здані ў касках і ботах, са зброяй сваёй.
Холад - гэта іх памяць. Каменная стома.
Іх не прымуць магілы. І голас іх - вой.
Вой сірэны сігнальнай, начных катаванняў.
Гэта іх калыханкі. Іх выбар і шлях.
Нам пяюць жаваронкі. Мы з вамі, мы з вамі
Будзем летнімі кветкамі ў вольных палях.
16.11.2020