Беражыце ў жыцці не гадзіннік —
гадзіны.
Новы дзень яшчэ хмеліць
старое віно,
А на тварах бацькоў
усё болей маршчынаў,
Пераходзяць яны
і на твары сыноў.
Гэта —
мета гадоў
на прадметах і тварах,
Ды не ёю адной
толькі значаны мы.
Мы часамі
хвіліны здаём,
як шклатару,
Мы гады прадаём
з дэфіцытным таварам
I жывём сярод рэчаў
халодных,
нямых.
Можа,
шмат мы крычалі
пра годнасць і гонар...
Толькі чуецца праўды
надломлены голас
На ліхіх скрыжаваннях жыцця...
I рыпіць на гасцінцы
стамлёнае кола...
Мо з дзяцінства яно,
А мо...
з небыцця?