Ня сьпіцца нешта мне сягоньня,
Хоць цела рвецца на спачын...
Там —
за вакном —
ляціць пагоня
Імклівых,
вольных аблачын.
Іх толькі Бог адзіны пасьвіць,
Але і Ён ня мае пут...
I ты ня сьпіш...
I пальцы ў пасмах —
Знак неадпрэчлівых пакут.
Мая душа затрапятала
Прад змрочнай прорвай
адкрыцьця:
Каб разам быць — хвіліны мала,
I мала цэлага жыцьця.
I, можа, з гэтае прычыны
Табе таксама не да сну...
Ляцяць,
зьнікаюць аблачыны
I не зьліваюцца ў адну.