Доча-дачушка грушу прынесла.
"Тата, паеш!"
Тата, седзячы ў крэсле,
ўзяў, укусіў— ну і груша! СмачнАя!
Побач малая слінку глынае.
Потым другую грушу прыносіць.
"Тата, паеш!"—
і слязінка на носе.
Здзіўлены бацька зноў у дачушкі
грушу бярэ: "Ты мая клапатушка..."
"Трушчыць" і хваліць мядвяную грушу
і гаспадыньку малую— Танюшу.
Тая ж глядзіць— не з усмешкай— з адчаем...
Потым чарговую грушу ўручае:
"Тата, паеш!!!"
"Божа! Што гэта— з дочкай?"
"Тата, паеш
мне яе на кусочкі!".