Інаку Мікалаю
Табе ўсё адно,
ступакі цябе мераюць,
колы ці капыты.
Табе ўсё роўна,
хто ці што ў таварыстве тваім —
пясок, мурог, лес ці скалы,
разумныя ці неразумныя,
і ці ўхваляюць цябе,
ці гудзяць.
Стаяць пры табе
і вучэльня, і балаган,
тут храм, а там крама,
ды няма табе справы да гэтага,
бо твой клопат — злучаць,
а не залучаць,
звязваць,
а не навязваць.
І дзяліцца з усімі
праўдай сваёй,
як сёння са мной:
зусім нескладана —
а як прыгожа! —
быць адзіннымі ў існаванні,
адзіннымі
і памкнёнасцю, і пакліканнем.
Бо не ў табе раздарожжа.
Памажы, Божа!