Трэці тыдзень –
спёка, спёка.
Ходзіць недзе
дождж далёка.
А для нашага
гарода
ўсё гарачая
пагода.
А гарачая пагода –
для гарода
перашкода.
Каб адвесці прэч
бяду,
носім вёдрамі ваду.
Але ў студні –
вось бяда! –
хутка скончыцца вада.
Трэба ехаць
на кані
з бочкай
на ставочак…
- Дожджык, дожджык,
сыпані
хоць адзін разочак!
Дожджык, дожджык,
выручай!
Без цябе – запарка…
І нарэшце
небакрай
захінула хмарка.
Дождж
па нашаму заказу,
як з вядра,
лінуў адразу!
Добра бегчы басанож
да грады-палоскі…
А куды падаўся дождж?
У іншыя вёскі.