Еду, еду на кані
я па белым свеце.
- Дожджык, дожджык,
секані! –
дружна просяць дзеці.
Памагчы я вельмі рад.
Будзе ў вас парадак.
Палію ахвотна сад,
Перайду да градак.
Так прыемна абіваць
летні пыл з лістоты.
Толькі рэчку паліваць
штось няма ахвоты.
Не канчаецца вада
ў бочцы-самалейцы.
Але сам я, вось шкада,
не трымаю лейцы.
Выбірае шлях каню
фурман мой, вятрыска,
то кіруе ўвышыню,
то ганяе нізка.
То пускае пакрысе,
то засвішча пугай.
І вязе мяне, нясе
над усёй акругай.
Шэры конік на бягу
не трасе шматколку,
Толькі гойдае дугу –
радугу-вясёлку.