Эх, як добра, сябры,
на двары.
Толькі санкі пакінь,
не бяры.
Растае, растае
шэры снег,
ручайкамі
да рэчкі пабег.
Расплываецца
замак з ільду,
але ты не шкадуй,
не бядуй.
Мы збудуем з табой
караблі,
каб з вадой
веснавой
паплылі.
Шлях зайздросны
ў іх будзе такі:
з ручайком –
да вялікай ракі,
а з ракой –
у нязмерную даль,
да марскіх
устрывожаных хваль.
Вось пайсці б
нам з табой
ім услед
і пабачыць
нябачаны свет!