Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Гадзіннік

Сярэдняя: 5 (11 галасоў)

Вось і ўсё.
Жыцця жалобны вынік.
І няма ратунку ўжо нідзе.
Чалавек памёр.
Але гадзіннік на яго руцэ яшчэ ідзе.

Ён цяпер адлічвае хвіліны,
што належаць іншаму павінны.

Вось і ўсё.
Турбот бясконцых вынік.
Па труне стукоча жвір – не ў лоб.
А ні дактароў ужо, ні клінік.
Ні пакут ніякіх.
Ні хвароб.

Ды, на жаль, хваробы і пакуты
у труну ад іншых не закуты.

Вось і ўсё.
Быцця зямнога вынік.
Пройдзена апошняя мяжа.
Цотны лік надломленых вяргінек
ды слупок чырвоны.
Без крыжа.

Ды здаўна вядзецца ў свеце гэтак –
хопіць для магілак новых кветак.

Вось і ўсё.
Блуканняў сумны вынік.
Прарасце травіца на грудзе.
Сын ці ўнук пачэпіць той гадзіннік
ды на ход далейшы завядзе.

І яму да самай дамавіны
злічыць ён сумленна ўсе хвіліны.

Час!
Мае надзеі не глушы.
Хоць і грэшны я, але не цынік.
Веру, што для вечнае душы
не патрэбны ў вечнасці гадзіннік.