Гарачы ліпень. Дзень запалкай дагарае.
За кальцавою — аўтаводная рака.
Яна нясе мой "карабель" да небакраю
ў шасэйным ложы, у кляновых берагах.
Абапал — нівы. Мора ніў. Марскія хвалі
цалуе сонца — залацень у залацень—
і асвятляе аблачынак аўтараллі...
Звычайны ліпень.
Незвычайны летні дзень.
Я раптам бачу, а дакладней — адчуваю
як мімалётна вось такая прыгажосць:
як "Хонда" часу абмінае і губляе
усё, што дорага, усё, што сёння ёсць.
Да слёз балюча, што і свет калісьці знікне,
што і мяне чакае Сцікс (ці Ахерон?).
Такі расклад зямных шляхоў. Здаецца, звыклы.
Інакш — ніяк, што б не прарочылі Таро.
Усё часова, ўсё да роспачы часова.
Хаця наш век — як магістраль у сто гадоў,
вокаімгненне — вось дакладнейшае слова,
каб упісаць жыццё "даўжэннае" ў радок.
Таму давайце, не губляючы ні хвілі,
нектар жыцця па кроплі ўсмак штодзённа піць.
І славіць Бога... І... Скажыце, вы любілі?
А як Ісус ці навучыліся любіць?
31.07.2014
————————————————
honda — у перакладзе з гішпанскага— прашча