Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

"ГІСТАРЫЧНАЯ ПАЭМА"

Сярэдняя: 4 (2 галасоў)

Уступ

Перагледзім гісторыі справу
Ад пачатку стагоддзяў сівых,
На карысць нашу, людзям на славу
І ўспамін аб падзеях былых.

Навучайцеся, добрыя людзі,
Ушаноўвайце продкаў шляхі!
Хто мінуўшчыны вехі забудзе,
Таго скінуць з рахунку вякі.

Дык пакрочым жа ў нетры святыя,
Паказаць вам багацце бярусь.
Там і смутак і дні залатыя,
Там радзіма – Літва-Беларусь!

І. Зямля

Не знайсці ў цэлым свеце вялікім
Гэткай велічнай, дзіўнай красы,
Што у сэрцы пяшчотным і дзікім
Захавалі Радзімы лясы.

Там да кветачкі вабіцца пчолка,
Матылёк на галінцы сядзіць,
Сумна жаліцца дзесь перапёлка,
Волат-зубр за пушчай глядзіць.

У гаях, у барах і дубровах
Сваю песню пяе птаства хор,
Ўсё вакол у святочных абновах,
І духмяны, і белы прастор.

Так заўсёды бывае вясною,
Водар поўніць дыханне зямлі,
І салодкай начною парою
Агалошваюць даль салаўі.

Расквітаюць балотаў абшары,
Дзіўным колерам травы гараць,
І да сініх азёр чорны хмары
Падыходзяць, каб воды аддаць.

Рэкі поўняць бясконцыя далі
І падземныя б’юцца ключы,
Разліваюць чароўныя хвалі,
Што павінны жыццё зберагчы.

Шчодры дар свой разгорне прырода
Урадлівым багаццем пладоў,
Нівы родзяць хлябы год ад году,
Засяваюцца зернем ізноў.

А пад восень зямля замірае,
Ў буйнай чырвані дрэў карагод,
Вецер золатам шлях засыпае,
Туманы п’юць барвовы усход.

Над прасторамі голас журлівы,
Падымаюцца ўвысь жураўлі,
Аглядаюць самотныя нівы
І знікаюць над краем зямлі.

І надоўга жыццё засынае,
Свежы подых прыходзіць з палёў,
Белым снегам зямлю прыбірае,
Каб увесну прачнулася зноў.

ІІ. Плямёны

На ўзбярэжжах Заходняй Дзвіны
Сталі людзі ў плямёны збірацца,
Голас кроўны склікаў іх туды –
Выпаў лёс крывічамі назвацца.

Іх чакала дарога ў жыццё
І найпершая княства сталіца,
І Сафіі святой адкрыццё,
Дзе і сёння мы можам маліцца.

У міжрэччы, дзе спала смуга,
Ад Дзвіны ды да самай Прыпяці
Пакарылася людзям дрыгва,
Як было ім саміх сябе клікаці?

Белым днём і у цёмнай начы
Абжывалі прасторы нястомна
І назваліся дрыгавічы,
Кажуць кнігі цяпер бессаромна.

Рэчка Сож разлівалась шырока,
Між чаротаў і вербаў плыла.
І прыходзілі людзі здалёку,
Для жыцця мелі ўсё тут спаўна.

Ды назвалі мясцовасць Радзімай,
Бо радзімічы самі былі,
Так і мы праз стагоддзі за імі
Аб Радзіме снім дзіўныя сны.

Так жылі нашы даўнія продкі,
Выпаў лёс ім найпершымі быць.
Кожны крок іх цяжкі, нетаропкі
У адбітку стагоддзяў ляжыць.

Гаспадарка – іх першая справа,
Земляробства і ловы ў лясах
Прымушалі да працы нямала,
Пот штодзённы – нялёгкі пасаг.

Дасылала пытанні ім неба
Пра маланку, дажджы і снягі.
Што прыходзіць адкуль і як трэба
Берагчы кожны дзень дарагі.

Гэта прашчуры нашыя з вамі,
Усё тая ж крывіцкая кроў,
Што нягоды змагала вякамі,
Кроў радзімічаў, дрыгавічоў.

ІІІ. Гарады

А стагоддзі спяшалісь імкліва
І плямёны мацнелі штодня,
Гартаваліся ў працы руплівай,
Ўмацоўвалась наша зямля.

Першым горадам Полацк назваўся,
Ён узняўся магутнай сцяной.
На высокіх мурах будаваўся,
Над спрадвечнай Заходняй Дзвіной.

У дзядзінцы паселішча сіла,
Паабапал пасады яго,
Пасярэдзіне торг мітуслівы
Падаваў для ужытку дабро.

Вакол Полацка землі збіралісь,
Утваралась дзяржава адна.
На княжэнне мужы выбіралісь
Валадарыць да межаў Дняпра.

Потым Тураў узняўся вялікі,
І Заслаўя і Берасця гмах,
Віцебск, Копысь і Браслава блікі
Заірдзелісь на сініх вірах.

Менск і Ворша, Лагойск і Барысаў,
Друцк і Пінск падымалі валы,
Кожны частку гісторыі ўпісваў,
Чарадою змянялісь гады.
Расквітала рамесніцтва ўсюды,
Кожны талент імкнуўся далей
Паказаць рукатворныя цуды
Сярод іншых руплівых людзй.

Выраблялі для працы прылады,
І для хатняга побыту скарб,
Працавалі сумленна, да ладу
І каваль і ганчар і цясляр.

Добра ведалі гандлю выгоды,
Шлях з варагаў у грэкі ішоў.
Падарожнікі мелі прыгоды,
Хто карысць, а хто шчасце знайшоў.

Гарады нашы – гонар і сіла,
Цуда-волаты, скарбы зямлі
На Радзіме прыгожай і мілай
Нібы дрэвы ў дуброве ўзраслі.

IV. Князі

Княжыць мудра – адзнака абраных,
Мець адвагу і гонар заўжды.
Не уладзе прыносіць пашану,
А падданым княжэння плады.

Справядлівась, пачэснасць і годнасць
У каронах вялікіх князёў
Падарыла ім высакароднасць –
Роўнасць спраў вырашальных і слоў.

Шмат імён залатых упісана
У гісторыю роднай зямлі,
Пра іх жыцці легенды складаны,
На іх лёсах растуць палыны.

Горкай праўдай жыццё Рагвалода
І цяпер адзываецца ў нас,
Незгасальная памяць народа
Захавала навекі той сказ.

Міжусобныя клятыя войны
Усяславу паганілі шлях,
Ён жа княжай пасады дастойны
Валадарыў на вольных вятрах.

Гаварылі, што быў чарадзеем,
Ваўкалакам да Кіева йшоў,
Сваіх ворагаў нішчыў надзею –
Чалавекам рабіўся ізноў.

Ў адна тысяча годзе дзевятым
Першы раз бачым слова “Літва”,
З Панямоння ў Павілле заўзята
Свой уплыў пашырала яна.

Цягам часу Арда Залатая
Ад Кітая да самай Масквы
Сваё іга паўсюль раскідае,
Сее камні магіл і пяскі.

Князь Міндоўг той Арды не баяўся,
Да Літоўскіх зямель не пускаў.
З нехрышчонай навалай змагаўся
І ад Папы карону прыняў.

Віцень князь абраў гербам “Пагоню”,
На выяве там рыцар Літвы
Меч высока узняў над сабою
І імчыцца на ярым кані.

***

На княжэнне ўзыйшоў Гедымін,
Непарушны меў прынцып улады –
Не чапаць старыны, не прымаць навізны,
Тады ўсё у нас будзе да ладу.

Пад дзяржавай яго аб’яднаўся народ –
Ўсе ліцвіны, русіны, жамойты,
Прырастала да Княства зямля кожны год,
Пашыраліся землі прыстойна.

Князь Альгерд на Масковію з войскам хадзіў
І збіраў усе рускія землі,
На рацэ Сіні Воды татараў разбіў,
Крыжакі з ім сустрэч не хацелі.

Два браты валадарылі краем адным
Праз іх справы усё расквітала,
І назвалі ліцвіны той век залатым,
Аб ім лірнікі пелі нямала.

Вітаўт – князь на Літве, а Ягайла – кароль,
Яму Польшча пасад даручыла,
Баранілі зямлю ад мяча крыжакоў,
Што знайшлі пад Грунвальдам магілу.

Вітаўт межы пашырыў дзяржавы сваёй
Ад Балтыйскага к Чорнаму мору,
Свет дзівіўся вялізнай краіне такой,
Што займала Еўропы прастору.

Шмат чаго можна тут пра князёў напісаць,
Яны зналі пашану і горыч,
Ды не хопіць жыцця, каб усё расказаць
Гора з радасцю ўсюды йдуць поруч.

V. Вера

Першай верай была нам прырода,
Што захоўвала тайны свае.
І дзівіліся ёй год ад году,
І малілісь ёй людзі усе.

Хто у сонца прасіў ураджаю,
Хто у неба, дажджоў і грымот,
Хто падзяку нёс роднаму краю
За багаты ўпару умалот.

Ушаноўвалі людзі зямельку,
Камень, дрэва і ўсё, што вакол,
Сваім продкам сцялілі пасцельку -
Душа ў неба, а цела на дол.

Шмат імёнаў народ наш прыдумаў –
І Вялес і Пярун і Дажджбог,
З цягам часу парадак той лунуў,
Хрысціянства прыйшло на парог.

А была праваслаўная вера
З Цараградскай далёкай зямлі,
Яе князь Уладзімір праверыў
Ў поўных водах Дняпроўскай ракі.

Праз чатыры гады, неўзабаве,
Ахрысціўся і Полацк стары,
Біскуп Міна япархію ставіў,
Што квітнее да гэтай пары.

Ў хуткім часе і Тураў вялікі
Праваслаўную веру прыняў,
Архірэйскіх пасадаў адлікі
Тут свяціцель Фама распачаў.

Хоць пазней, але гэдак жа спраўна
Каталіцкая вера прыйшла,
З той пары і жывуць з праваслаўнай,
Перашкод паміж імі няма.

Мела шмат яшчэ розных вызнанняў
Хрысціянства на нашай зямлі.
Ды не зменіш біблейскіх казанняў,
Пра адзінага Бога яны.

Ёсць і розныя веры другія,
Мусульмане, юдэі жывуць.
Хоць іх храмы ужо не такія,
Ўсё ж адзінаму Богу пяюць.

VI. Еўфрасіння Полацкая

Ціха ў келлі лампада гарыць,
Лік Хрыстовы ўначы асвятляе,
Прад іконай дзяўчынка стаіць,
Слова Божае ўголас чытае.

Свечка тонкая ў белай руцэ
Свет ліе на святыя старонкі,
Як хрысціўся Гасподзь на рацэ
Праваслаўна пяе голас звонкі.

Толькі ўчора князёўнай была,
Жаніхі яе ручкі прасілі,
Сёння пострыг святы прыняла,
Ёй багацці мірскія пастылі.

Плакаў бацька і маці яе,
Шкадавалі жыццё маладое,
Іх дачушку анёл павядзе
Ў малітоўнае месца святое.

Там паставіць яна манастыр
І славутую цэркву Хрыстову,
Перапіша рукою Псалтыр
Старадаўняй славянскаю мовай.

Крыж святы ускладзе на прастол,
Будзе ён найвялікшай святыняй.
Міласэрнасць пасее вакол,
Слава Божая ўвек не загіне.

Люду простаму будзе яна
Добрай маці, заступніцай светлай,
Да апошняга самага дня
Міласэрнай, ласкавай, прыветнай.

Здзейсніць шлях на святую зямлю,
Пройдзе там па сцяжынках Хрыстовых,
І ў мальбе за Радзіму сваю
Пойдзе ў свет таямнічы і новы.

Занатуе славянскі народ
Прападобнай святыя імкненні,
З той пары ужо тысячу год
Ў яе гонар складаюць маленні.

Ціха ў келлі лампада гарыць,
Лік Хрыстовы ўначы асвятляе.
Перад Богам святая стаіць,
Беларусі малітвай спрыяе.

VII. Малітва да Кірылы Тураўскага

Ойча Кірыле, свяціцелю Божы,
Сёння з малітвай ідзём да цябе!
Верай багатай, постаццю гожай
Шлях асвяці нам у цёмнай імгле!

Ты уладарыў над чынам святарства,
Прашчураў нашых вучыў добра жыць.
Дай жа нам сілу пазбегнуць каварства -
Родную мову навек не згубіць.

Край наш загнаны, свайго не пачуеш,
Страшная крыўда стаіць за душой.
Хіба з нябёсаў ты нас уратуеш,
Вернеш малітве святочны настрой.

Ўсе праслаўлялі цябе, златавуста,
І красамоўству дзівілісь твайму.
Як жа так стала у сэрцайках пуста?
Ў храме не ўчуеш гаворку сваю.

Ты нам пісаў на старой беларускай,
Роднай, лагоднай, пявучай заўжды.
Сёння ж вакол неяк цёмна і вузка,
Ў цэркве даўно не квітнеюць сады.

Ладам чужынскім спяваюць у храмах,
Пэўна аднекуль здалёку прыйшлі,
Храмы ж з каменняў сваіх збудаваны,
Тых, што жыцця твайго сведкай былі.

Рукі ўздымі да Хрыстова прастолу,
О, беларускі вялікі святар!
Хай на тым свеце гучыць наша мова,
Хай яе Бог ускладзе на алтар!

Будзе яна, быццам ладан кадзільны,
Водар яе – подых ветру з палёў,
Што заблукаў у прасторах прыхільных
Сярод жытоў нашых і васількоў.

Сам жа Гасподзь дараваў нашу мову,
Як жа забраць у народа яе?
Ветхі Завет адыйшоў, будзе Новы,
Мова святая ізноў запяе!

Сёння распята, а заўтра ўваскрэсне,
Кожнаму радасць падорыць сваю!
І загучыць яснай чыстаю песняй,
Той, што праславіць зямельку тваю!

VIII. Ліст да Міколы Гусоўскага

Старадаўні вялікі паэт,
Наймудрэйшы, стагоддзямі новы!
Твайму слову дзівіўся ўвесь свет,
Закладаў Адраджэння асновы.

Ватыкан ганарыўся табой,
Каралевы ў дар кнігі прымалі,
Захаплялісь Вялікай Літвой,
Дзіўны свет для сябе адкрывалі.

Паляўнічага простага сын
Апісаў на зубра паляванне,
Нібы хуткай стралы востры клін
Запусціў у радкі вершавання.

Распавёў пра гаворку сваю
І кірыліцы знакі густыя,
Што пад зоркай Палярнай зямлю
Упісалі у кнігі святыя.

Пра дзяржаву і гонар людзей,
Нашы звычаі, песні, балады,
Слаўны шлях гістарычных падзей,
І вялікага князя уладу.

Атрымаў Вітаўт князь у цябе
Вечны помнік пачэснага слова,
Яго час праз стагоддзі нясе
Пакаленням мінулым і новым.

Супраць войнаў злачынных твой гнеў,
Жаль і слёзы, душы абурэнне.
Ў час кароткі разгледзець паспеў
Ты жыццё і дарогу збавення.

Годна песня гучала твая
У палацах вялікіх вяльможаў,
Пакарыла іх наша зямля,
Родны край ты уславіў прыгожа.

Беларускае слова ў латынь
Апранулася казачным чынам,
Дык і сёння ж народ не пакінь,
Сваіх душ для цябе не зачынім!

Найсвятую Марыю прасіў
За зямлю Беларускага краю,
Вечны сэнс для нашчадкаў адкрыў –
Для Радзімы жывём і ўміраем.

IX. Біблія Скарыны

Кажуць літары “Біблія Руска”,
Гэта значыць, што рускія мы?
Неяк надта нязручна і вузка
Ад такой незвычайнай думы.

Прачытаем далей, самавітым
Ясным позіркам змерым радкі.
Скіравана “ляюдзям паспалітым”,
Паспалітыя ж тут я і ты.

І адкуль гэта дзіўнае слова?
Толькі ў нас гаварылі яго.
Маскавітам яно будзе нова,
А для нас мае сэнс усяго.

Паспаліты – звычайны і просты,
Свой, мясцовы, агульны для ўсіх.
Не чужынцам Скарына быў хросны,
Шчыраваў для тутэйшых, сваіх!

І ў прадмовах да кніг друкаваных
Бачым шэраг жывых родных слоў,
Што у Празе станкамі набраны,
Каб чыталі мы іх зноў і зноў.

Тут і “волат” і “вежа” і “згода”,
І “прамень” і “сяўба” і “жніво”,
“Сцежка”, “смутак”, “пачатак”, “нагода”,
“Гай”, “дзяцінства”, “узгорак”, “пітво”.

Тэкст радкамі чырвона адзначан,
Рассцілаецца, нібы абрус.
Перагледзеўшы склад, ясна бачым,
Што Скарына, як мы, беларус!

Беларус! І няма тут сумневу,
Друкаваў роднай мовай жывой.
Дзіўны дар прысвяціўшы свой Небу,
Ганарыўся бацькоўскай зямлёй!

Навуковец, пісьменнік, філосаф,
Доктар слаўны і першадрукар
Для ліцвінаў, жамойтаў і росаў
Мудрасць вечную ў кнігі заклаў.

Пяць стагоддзяў прайшло непрыкметна,
Кнігі ж тыя і сёння для нас
Адзываюцца словам прыветным,
Бласлаўляюць жыцця кожны час.

Х. Песня лірніка

Ой, заплакалі гучныя струны,
Загулі, бы вятры над Дняпром,
І напеў той зычлівы і сумны
Паліць сэрцы прарочым агнём.

Старац белы забыўшыся грае,
Песня сілаю дзіўнай гучыць,
Пакаленням жывым прамаўляе,
Каб не смелі былога забыць.

Плача лірнік, зрываецца голас,
Выюць струны, бы ў поўнач ваўкі,
Просяць нас зберагчы жытні колас,
Каб раздольна цвілі васількі.

Каб ніхто не забыўся ніколі
Пра мінуўшчыны велічны шлях,
Быў вальнейшым сярод самых вольных,
Меўшы прадзедаў вечны пасаг.

У пасагу багацці і скарбы,
Падарункі, якіх не сустрэць,
Гукі, колеры, пахі і фарбы,
Паспяшайцеся іх разглядзець!

Гэта водары роднага краю,
Гэта зорнага неба агні,
Дудароў, гусляроў песні-баі,
Што спрадвечнаю праўдай жылі.

Гэта золак туманны і росны,
Гэта словы братоў і дзядоў.
Лёгкі строй беларускі наш просты
І баграніца уладароў.

Гэта замкі, касцёлы і цэрквы,
Вежы, брамы, званы, алтары,
Знак “Пагоні” стагоддзямі верны,
Сведкі-капішчы і курганы.

Цуда-камні і сосны святыя,
Горкі водар травы ў палынох.
Збажына і пшаніцы густыя,
Што буяюць красой у палёх…

Песня лірніка вечна жывая
Для сумленных нашчадкаў гучыць.
Ён жа зноў нас усіх заклікае,
Каб не смелі Радзіму забыць.