На пэнсіі, як на праталінцы
Пражорлівыя груганы,
Сыцеюць берыеўцы, сталінцы
Хлусьні крывавыя паны.
Харчы
У груганоў законныя,
За чорны сьпіс паслуг яны.
Таксама,
Як харчы,
Казённыя
Ахвярагубцы-груганы.
Шануюць душамі глюгатымі
Сьвяты для іх
Падвальны змрок,
Дзе шчыра працавалі катамі,
Давалі каінаў зарок.
Былі да кожнага прыстаўлены,
Хто не ў нагу падумаць мог
І ў сьне ня так сказаць пра Сталіна –
Тварца ўсіх нашых перамог.
А ворагаў глыбока ў корані
Прывыклі бачыць слугачы.
Хапала мейсца ў «чорным воране»
Усім
І ў чэраве начы.
На мейсца двухгалова-царскага
Арла
Паселі груганы,
Каб імем гневу пралетарскага
Заліць жудою шар зямны.
Аднагалова-аднадушныя,
Адзін выконвалі загад, –
Каб душ як больш
У турмы душныя
Перасяліць
Пад засень крат.
І новы, наш,
Быў сьвет зьнявечаны
І руйнаваўся да асноў.
І прагла сьвежай чалавечыны
Глухое горла груганоў.
Цяпер яны цішэй за агнецаў –
«Стараліся ў імя дабра».
Але рука дагэтуль цягнецца
Туды, дзе вісла кабура.