I стаю я, жыццё, прад табой...
Ты дарма хмурыш бровы сурова –
Ціха
вера,
надзея,
любоў
Шэпчуць мне запаветныя словы.
Захлыне грозных дум глыбіня,
Часам роспач пагрукае ў дзверы,
Толькі з променем новага дня
Птушанём заварушыцца вера.
Жыць трывожна на свеце, калі
Хмар злавесных гайня не радзее,
Ды над лёсам людзей і Зямлі
Свеціць зоркай бяссоннай надзея.
Прага шчырасці, роднасці зноў
У нязведанасць торыць дарогу.
Спеліць сэрца адважна любоў,
Выцясняючы сум і трывогу.
Сёстрам тром я адданасць збярог.
Што ў душы, тое будзе і ў слове.
Засяваю свой сціплы аблог
Зернем
веры,
надзеі,
любові.