Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Калі б вы былі жывыя...

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Калі б вы былі жывыя,
Гарэлку мы з вамі пілі б,
Дзядзькі мае залатыя,
Мікіта, Пятрок, Піліп.

Сядзелі б мы, гаваркія
Пад веццем змітраўскіх ліп,
Дзядзькі мае залатыя,
Мікіта, Пятрок, Піліп.

Быў і чацвёрты, Павел,
Зусім невядомы мне.
Зямлю - мерзлавуху парыць
На Калыме.

Верыў Савецкай уладзе.
Насіў старшынёўскі хамут.
- Ты вораг народа, дзядзя, -
Сказала ўлада яму.

Смерць падкасіла зарана.
Жыць бы яшчэ ды жыць!
Ля мёрзлага Магадана
З мамантам побач ляжыць.

Шуміць ледзяная завея
Палярнай ноччу сляпой.
- Чаму я не дома? Дзе я? -
Пытаецца дзядзька мой.

Крышыцца лёд з громам.
Грукат плыве над тайгой.
- Скажыце, чаму я не дома? -
Пытаецца дзядзька мой.

- Я ж быў кожнай кропляй савецкі,
Камуне вярнейшы друг.
Завошта ж мяне знявечылі,
Забралі і серп, і плуг?

Ні слова ў адказ. Нерухома
Шнуруюцца дрэў камялі.
- Скажыце, чаму я не дома? -
Ляціць і ляціць з-пад зямлі..