Сонца сёння ізноў уздымаецца ўгору,
Пасылае пагляд да паўночных шырот,
Дзе так многа ўчынілася ўвосені гора,
Покуль людзі жылі без ягоных шчадрот.
Пераблыталі там: дзе Эдэм, дзе Гамора.
Разгаўляліся ўсе ўсю піліпаўку спрэс.
Вочы долу няслі да вялікіх кантораў
I збавеннем душы называлі прагрэс.
Кожнай ноччу Адам клікаў іншую Евай,
А паслужлівы змей яблык новы даваў.
I чарга надышла да бязвіннае Дзевы,
Але тут херувім звеставанне падаў.
Поруч рукі ляглі, пальцаў дотык цнатлівы
Астудзіў п'яны шал, мройна ўлонне акрыў.
I забыты даўно медны воблік Ярылы
Асцярожна паплыў з-за далёкай гары.
Затрымцелі званы пад нясмелым ударам, —
Званаровай руцэ яшчэ сіл не стае.
Але з новым штуршком неўтаймоўным пажарам
Залатое чало на паўсвету ўстае.