Баю-баюшкі-баЮшкі...
Спі, паэцейка, засні.
Коўдру пухкую на вушка
па-дзіцячы нацягні.
Укруціся з галавою
ў цеплыню і ў цішыню—
ды не ВЕРШнікам, не воем—
дзіцянём у стылі "ню".
Не турбуйся пра пустое—
пра спісАныя лісты,
і пра сёе, і пра тое...
што паэт ніякі ты.
Падцягні пад пузік ножкі,
і падушку абдымі,
і ціхенечка, патрошкі,
у нязбыўнае нырні.
Ды не ў ахі... ахінею
несказАных сказаў-слоў,
а ў люлявую лілею
найсалодкіх светлых сноў.
Хай яны і не наяве,
ды і ў іх жыве "паэзь"—
і, заўваж, не дзеля славы—
проста так, як "інтарэс!"
Спі, засні...
А, ты празаік?
І не чуў лухту маю?
Зараз я табе пра "заяк"
"усыпальную" "спяю".