Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Каралеўна-вядзьмарка

Сярэдняя: 3.3 (4 галасоў)

Каралеўна-вядзьмарка

Каралеўна ў люстэрка глядзела,
На двары была цёмная ноч,
Яркім полымем свечка гарэла,
Цені ўзмахвалі крыллем наўзбоч.

У пакоі жыла таямніца,
Праз ваконца прамень зіхацеў,
Адазвалася дзесь навальніца,
Каля поўначы гром прагрымеў.

Адзін хлопец ішоў з пагулянкі
I праз шыбу тайком зазірнуў,
Асвяцілі прастору маланкі,
Дождж, як мора, з нябёсаў лінуў.

Падарожны вачам не паверыў,
Сцёр з павек дажджавую ваду,
Каралеўна, узяўшы сякеру,
3 плеч здымала сваю галаву.

На стале перад люстрам стаўляла,
Раскладала вакол валасы,
У сярэбранай місцы купала,
Запляла дзве буйныя касы.

Галава гаварыла, смяялась,
Па кутах пачала пазіраць
Перад люстрам прыгожа убралась,
Ды адбітку было не відаць.

Потым зноўку на плечы асела
Урасла, бы ніхто не здымаў,
На імгненне яшчэ задрыжэла,
Бант шаўковы на шыю упаў.

Хлопец, згледзеўшы гэткае дзіва,
Напрасткі без аглядкі ляцеў,
Месяц з неба свяціў сіратліва,
Ліст асінавы ціха трымцеў.

Дзень, другі непрыкметна збягае,
3 вежы замкавай трубяць рагі,
Глашатай навіну аб'яўляе,
Прыпускаюць палацы сцягі.

- Сёння ранкам, пры самым світанні,
На той свет каралеўна пайшла,
Учыніце па ёй памінанне,
У царкве спачывае яна! –

Чуў пра гэта і сын панамарскі,
А пад вечар прыйшлі запрасіць,
Абвясцілі указ гасударскі -
За нябожчыцу Бога маліць.

- Перад смерцю дзяўчына прасіла,
Каб па ёй ты Псалтыр пачытаў,
Тры начы памінаў безупынна
I ў магілу яе праваджаў. –

Што рабіць, каралеўская воля,
Не прыходзіцца тут выбіраць,
Але гора, праклятая доля,
Над вядзьмаркай маленне чытаць!
Вось сабраўся, да цэрквы шыбуе,
А насустрач маленькі дзядок.
- Ад чаго так балесна гаруеш?
Падзяліся са мною, сынок!

- Ой, дзядуля, на смерць пасылаюць,
А працівіцца волі няма,
Хіба ведзьмаў у нас памінаюць?
Хіба і ганьбяць малітву дарма?

- Вось табе персцянёк залачоны,
Перад тым, як малітву чытаць,
Абвядзі вакол круг асвячоны,
Сцеражыся назад паглядаць.

Што б не дзеялась, чары, напасці,
Гучна, смела чытай, не лянісь!
Аблятуць стараною ўсе страсці,
Толькі Божага слова дзяржысь! –

Круг абвёў, ахрысціўся павольна,
Агалосна малітву пачаў,
Чуе, хтосьці скавыча крамольна,
Сатана свае страхі пагнаў.

Каралеўна з труны паднялася,
Хоча персцень і кніжку схапіць,
За алтарныя дзверы ўзялася,
Ды не можа у круг заступіць.

Цэлу ночку праходзілі звады,
Але сын панамарскі чытаў,
Духі злыя не мелі улады,
Персцянёк хлопцу біскуп аддаў.
Як праходзіла ночка другая,
Каралеўна зняла галаву,
Падкідала яе, выгражала,
А пад ранак лягла у труну.

Падыходзіць і трэцяя стража
Засталось адну ночку пабыць,
Але што ўжо нячысты пакажа,
Як бы там галаву не злажыць?

Ноч. За вокнамі зоры міргаюць
Спяць маўкліна на цэркве званы,
Прад іконамі свечкі палаюць,
Быццам ведаюць штосьці яны.

Тут як грымне, агонь загарыцца,
Лезуць бесы і здані з вуглоў,
Каралеўская дочка памсціцца,
Хоча выпіць бядачую кроў.

Выклінае, ламае іконы,
Б'е падсвечнікі, кнігі гараць,
Прамаўляе абразы, праклёны,
Намагаецца сілай узяць.

Ў час ліхі са сцяны мураванай
Выйшаў добры дзядуля сівы,
Тут пазнаў панамар запужаны –
Гэта быў сам Мікола святы!

Стала ў храме спакойна, лагодна,
Усё пастала на месцы свае,
Раніцой панамар прынародна,
Абвясціў, каб празналі усе.
Што была каралеўна вядзьмаркай,
Ды на кладбішчы нельга хаваць,
I нячыстых духоў валадарку
Малітоўна ў царкве памінаць.

Як адкрылі труну той праклятай,
То спужаўся мірскі і манах,
Галава была збітай, адцятай,
I ляжала нічком у нагах.

Кол асінавы ўбілі у грудзі,
У балота хаваць паняслі,
Пераказвалі добрыя людзі
Яшчэ доўга той жах на зямлі.

Панамар жа паўстаў архірэем,
Ды у цэркве саборнай служыў, |
Кожным разам, калі звечарэе.
Мікалая святога маліў.