Мой брат – хлапец геройскі,
І за яго я рад:
У беларускім войску
Пайшоў служыць мой брат.
Пра Грунвальд і пра Воршу
мне брат мой распавёў.
- Хіба, - казаў, - я горшы
за продкаў-ваяроў?
І дзед наш партызаніў.
Вось, бачыш, медалі.
Ён гонару не зганіў
бацькоўскае зямлі…
Учора на парадзе –
прыгожы быў парад! –
у самым першым радзе
ішоў мой родны брат.
Я братам ганаруся,
бо з гэткімі, як ён,
ніколі Беларусі
не трапіць у палон.
А вам скажу па-свойску:
хай час хутчэй бяжыць,
бо ў беларускім войску
і я хачу служыць.