Конь бяжыць. I адкуль ён узяўся такі,
Нібы з казкі дзіцячай, займальнай.
Побач стрэлка чыгункі і стрэлка ракі,
Што канавай блішчыць асушальнай.
Невядома, куды ён па лузе бяжыць,
Непадкуты і неасядланы.
Пад ім сцелюцца травы,
Зямля не дрыжыць.
He бяжыць — а плыве ён, буланы.
Капытамі зямлю не кранае зусім.
Неаб'езджаны, быстры, пудлівы.
Нават ветру ніяк не угнацца за ім:
He ўхапіцца за шорсткую грыву.
Немагчыма яго, маладога, стрымаць,
Над канавай імчыцца да лесу...
I нікога не думае ён абагнаць,
He баіцца адстаць ад прагрэсу.
He адчуў яшчэ дотыку шпор і падкоў,
He стаяў у аглоблях ніколі.
Проста рад ён жыццю і прасторы лугоў,
Раскаванаму бегу і волі.