Блішчаць на сонцы капелькі
нявысахлаю смолкаю.
Куды плывуць караблікі
рачулкаю Вясёлкаю?
На іх запалкі – мачтамі,
Сцягі далёка бачныя.
Барты – кара сасновая.
Работа – адмысловая.
Бяжыць, задраўшы штонікі,
каманда карабельная.
Яшчэ не штормы – штормікі.
Яшчэ вясна суцэльная.
Нібыта чайкі, ластаўкі
Над грэбелькай праносяцца.
- Гэй, адчыняйце застаўкі,
эскадра ў мора просіцца!