Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ліст на свабоду

Сярэдняя: 3.5 (10 галасоў)

Мы покуль не народжаны народ,
мы вязьні скамянелых яйцаклетак,
мысьленча запаволены чарот;
хтось падла, хтось зусім яшчэ падлетак,

хтось піша і рыторыкай старой
уводзіць юнакоў у заблужджэньне:
змагар, руплівец, ходаньнік, герой,
тытан, а мо й тытанік адраджэньня.

Стаміліся й губляем лік гадам:
гады ў турме паўзучыя, як гады!
Дзе ж тая паўнагрудая мадам,
што ўсіх нас павядзе на барыкады?

Што маем, ёй бы кінулі да ног!
I вартавыя чуюць нашы енкі,
калі начамі ў каляровых снох
мы бачым гэту кралю без сукенкі.

Мы валім дрэвы, чэшам камяні,
капаем катлаваны і каналы,
чакаем на спатканьні, лічым дні
й абагаўляем сьвет наш дасканалы.

Бо верым: навакольнае лайно
цудоўным гноем станецца ў гасподзе.
Папраз закратаванае акно
гартуем дых, каб дыхаць на свабодзе.