Ноч —
не дня мінулага цень —
Я люблю цябе, з зорамі ночка!..
Пры страсе —
іскрыцца лядзень, —
Зоркі дальняе ў ім вугалёчак.
Дакрануся гарачай рукой, —
Абхаплю, ды не пераламаю:
Хоць на хвілю сагрэю шчакой
I сусвет у руцэ патрымаю.
У начэй — відната свая,
Хоць мо дзень і болей відушчы,
Ды не вылавіць зор з ручая
I не ўбачыць іх па-над пушчай.
Вы ж калі, мае вочы, зарчэй:
Ці тады, калі Сонца мружыць,
Ці сярод працавітых начэй,
Што сузор’і навокал кружаць?..
Сын каго я, ночы ці дня?
Дзе мяжа паміж днём і ноччу?..
He ўпушчу я з рукі лядня,
Дзень і ноч хай мне ў ім мігочуць.
I хто больш разумее людзей,
Дзень вірлівы ці ціхія ночкі?
Пры страсе ірдзіцца лядзень,
Зорак дальніх у ім вугалёчкі.