Ой, якая ў лесе ягада ўрадзіла:
Смаката, што не данесці да стала.
Па маліны я надоечы хадзіла,
Ды назад дарогу не знайшла.
Хмызняком блудзіла, сцежкаю ласінай,
Шапацела пад нагамі асака,
Ды на шчасце напаткала пад асінай
Нечакана маладога лесніка.
Тры гадзіны падаліся мне хвілінай,
Калі разам пад разлапістым дубком
Мы сядзелі і салодкаю малінай
Частаваліся на пару з лесніком.
А калі ішлі ўжо вечарам дахаты,
Ён трымаў мяне пяшчотна за руку...
Не шкадую я ніколечкі, дзяўчаты,
Што скарміла ўсе маліны лесніку.