Любіце мяне такою,
Якая я ёсць, праз гады
Нясіце ў думках вобраз
Натхнёны і малады.
Любіце мой лёгкі розум
І палыновы пагляд,
Мой запаляльны нораў,
Пачцівасці заняпад.
Той непаўтроны моман,
Што з думак нельга прагнаць,
Травы сакавітай гоман
І колкую сенажаць.
Любіце мяне з пакутай,
Бярозаваю тугой,
Спакусліваю цыкутай
Я буду вам і дзідой,
Што не дае спакою
І шчыміць, і верадзіць,
Запомнюся вам такою,
Што грэе і халадзіць.
Любіце, парою роснай
І ў поўдзень, і ў зорапад.
Хачу быць такою РОДНАЙ
Без штучнасці і прынад.