З часоў далёкіх адгалосак
Ад непрасветленых вякоў:
На чым стаіць адвеку вёска?
На абмалоце ад снапоў.
Снапы калючыя з-пад бора
Вязуць на стан каб малаціць,
Зубчатым восеньскім узорам
На сонцы колас зіхаціць.
Глядзіцца ў далечы ад стану
След саламянае сцірты,
На днях тут гойдаліся п’яна
Калоссеў спелыя шатры.
Цямнее беспрасветна неба,
Спяшае птушка у адлёт,
Малоцяць жыта, будзем з хлебам,
Камбайны круцяць калаўрот.
Пасля насыпем жыта ў цэбар
І заімчыць кругаварот:
Прарвецца восеньскае неба,
Завершыцца працоўны год.
Забелены снягамі кросен
Засне зноў неспакойны двор.
І ўспомніцца зімою восень
І коласа зубчаты ўзор.
І загамоніц адгалосак
Той восеньскай хмяльной пары.
Дзядок Мароз з чырвоным носам
Гатуе торбу дзетвары.