Мацi сёння на рабоце.
Гаспадар у хаце — коця.
А малечы "на закланне"
"ма" пакінула "бацяню".
Уручыла кніжкі ў рукі —
вывучайце "аз" ды "букі"! —
і паклала побач цацкі —
разнастайніць пал чытацкі.
А на кухні на сняданак,
аздабляючы смятанай,
"нааладзіла" аладак.
Ім дзятва заўсёды рада!
На абед каструлю супу
згатавала. І — прыкупам —
кашу з мясам і кампоцік —
на-ка, радуйся, жывоцік!
Ледзьве дзверы зачыніла...
Пачалося... Божа мілы!
Дзеці, быццам шторм у моры,
забурлілі ў калідоры,
хваляй рынулі на кухню,
з'елі ўсё (каб не пратухла!),
ўсё, што можна, раскідалі
(ды не будзем пра дэталі...)
Заскакалі, як лягушкі,
і, схапіўшы тры падушкі,
сталі біцца (кожны ж — "лыцар",
немагчыма ўгаманіцца).
Бедны тата ў поўным шоку
спрабаваў сур'ёзным вокам
прыпыніць падушкабойку.
Ды не здолеў. Толькі войкаў.
Ранак выдаўся гарачым,
а дзянёк — сусвет не бачыў:
кніжкі птушкамі ляталі,
цацкі кашку даядалі,
кот, як вісельнік, на люстры
горка плакаў. Ліст капусны
з галадухі "хрумкаў" тата,
"апярыўшыся" у вату.
І ў такім вось тарараху —
тры шчаслівыя мардахі —
у зіхценні, бы мядалі —
як жа добра пагулялі!
Маці вечарам — у дзверы —
"Што за жах такі ў кватэры?"
Ў кухні, ў зале— ўсюды ліха,
а ў дзіцячай... ціха-ціха...
Тата спіць, і кот, і кніжка,
спяць Андрэйка, Санька, Цішка,
мішкі, лялькі і жырафік,
стол, і стул, і кніжны шкафік...
Маці побач прыкархнула —
так, у крэслі, і заснула.
18.01.2015