Мне заўсёды чагось не стае,
Штосьці вабіць, кудысьці цягне —
Знаць, як кожная птушка пяе,
Знаць, як кожная кветка пахне;
Знаць, аб чым стане бор шумець,
Што зашэпча ветразь крылаты,
Сэрца кожнае разумець,
Кожны клопат кожнае хаты;
Знаць, якім будзе заўтра дзень,
I якой за сталом бяседа,
I якім будзе лёс людзей
Год праз трыста, мне рупіць ведаць!..
А пакуль мне чагось не стае,
Штосьці вабіць, кудысьці цягне —
Небасхіл жаўрукамі пяе,
Падарожным дымам пахне.
Сэрцы б’юцца ў грудзях людзей,
За сталамі цякуць бяседы,
I зямля пад намі гудзе, —
Мне спакою на свеце не ведаць!..