Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Музыка і вядзьмар

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Музыка і вядзьмар

Граў музыка на вяселлі,
Добры задаваў настрой,
Гукі хмельныя ляцелі,
Заклікалі за сабой.

Песні, танцы даспадобы
Спевам родным дарагім
Служаць добраю аздобай
На вяселлі маладым.

Гучна скрыпачка заводзіць,
Задае сардэчны лад,
Пары за сабою водзіць,
Кожны весяліцца рад.

Так было у часе даўнім,
Свой парадак быў ва ўсім,
Граў музыка незвычайна
І здаралісь цуды з ім.

Нейкім разам запрасілі
На шыкоўны панскі баль,
Добра грошай пасулілі
І казалі: “Прыязджай!”

Хорам пана быў за борам,
За балотам і ляском.
Звілістым крывым узорам
Шла дарожанька кругом.

Вось сабраўся наш музыка
Ехаць на бяседу граць,
Скрыпачку паклаў са смыкам,
Коніка стаў запрагаць.

Непрыкметна звечарэла,
Брычка лёгкая бяжыць,
Коціцца рухава, смела,
Бор галінамі шуміць.

Разаслалася дарога,
Хмельны водар абступіў,
Авалодала знямога,
Сон дрымотны ахапіў.

Раптам совы загукалі,
Праляцелі кажаны,
Вочы дзікія блішчалі
Сярод багны цемнаты.

Вось наперадзе балота,
Змеі поўзаюць паўсюль,
Хмарай камары-згрызоты
Вылятаюць з неадкуль.

Ехаў шпарка, гнаў задорна,
За балотам лес густы,
Дрэвам векавым раздольна,
Пышнай футраю кусты.

Вох ты, казачнае месца!
Што чакае тут яшчэ?
Так падумаў і нарэшце
Па дарозе хтось ідзе.
Нізка ў пояс пакланіўся,
- Я васпана правяду!
Конік ваш, гляджу, стаміўся,
Пераехаўшы бяду. –

Падарожнік быў манахам,
Ўвесь у чорным да зямлі.
Неяк хутка, адным махам
Да палаца падышлі.

Але дзіва, ў вокнах цёмна
І гасцей нідзе няма,
Над прасторам ноч бяздонна,
Ў небе зорачка адна.

Тут манах як зарагоча,
А тады як закрычыць:
- Гэй, нячыстыя! Хто хоча
Музыканта весяліць? –

Ведзьмы з закуткоў ляцелі,
Мерцвякі з-пад камянёў,
Скрасці скрыпачку хацелі
І разбіць яе далоў.

Тут музыка прахапіўся,
Учапіў жывучы смык,
Ды урэзаў, ажывіўся,
І задаў нячыстым зык!

Пляша погань і не рада,
Што за скрыпкаю пайшла,
За музыкавай прынадай
Да балота падыйшла.
- Адпусці нас, чалавеча!
Больш не можам мы плясаць!
- У балота лезь, галеча!
І не смей мне дакучаць!-

Плюнуў зверху, сеў у брычку
І да панскага двара
Даляцеў, і граў па звычцы
Цэлу ночку да святла.

Пан, адсыпаўшы дукатаў,
Пакланіўся да зямлі,
А паверх тае адплаты
Госці грошыкі няслі.

Сярод іх быў нейкі злыдзень,
Ціха скрыпачу сказаў:
- Чараваў я цэлы тыдзень!
А цябе і чорт не ўзяў!

Хто адправіў у дарогу?
Хто замову гаварыў?
Чэрці паламалі рогі,
Ты ж іграў і гэтым жыў!

- Я такія ноты знаю,
Што правалішся і ты!
Госці, гэй! Ізноў зайграю!
“Крыжачок” ідзе сюды!-

Весела гучыць, раздольна
Беларускі “Крыжачок”!
На сваёй старонцы вольна,
А ўсе злыдні - науцёк!