Бабулькі аглядаюць сьвет сур’ёзна,
Бягуць асталявацца, як ямчэй.
Хаваюць ногі ў венах варыкозных
Пад лаўку — далей ад чужых вачэй.
Стаяць скульптурна, годна маладзіцы,
Як выклік неўтаймоўнае красы.
А побач звонка цінькаюць сініцы —
Чуваць дзяўчатак мілых галасы.
Яны ў сваю чароўнасьць млосна вераць,
Ім радасна пляткарыць, шчабятаць.
Прысуд наўзмаш выносяць кавалеру:
«Такі стары, яму ўжо дваццаць пяць!»
Ласкава сонца саграе сівіны,
Прыгожа глыбіць вочы-васількі,
Усьмешліва, з пяшчотаю няспыннай
Цалуе яблык юнае шчакі.
I я, ва ўсіх адразу закаханы,
Знаходжу сказ да месца нездарма:
«Усё на сьвеце будзе занядбана,
А для жанчын мінулага няма!»