На пяць хвілін "зляцеўшыся" у скверыку —
там, дзе "пяе" рок-банда "варанАя",
ужо два тыдні лютаўскія ў "бэрыка"
вясна з зімой — старэнечкай — гуляе.
То ледзь кране — і ходу: "Дагані мяне!",
то наляціць — і сцісне ў "абдымашках",
то з-пад галля на дожджык першы выманіць,
то "запятнае" сонечнай "пятнашкай".
А то ўваслед за "арміяй" "чырыкчыкаў"
ускокне ў лужу з лёдам — па калена.
І не спыніць нічым вяснулю-жыўчыка.
Задор, запал... З такім бы — ды на сцэну!
Ушчэнт зіму "загнала" і зняможыла.
Зусім на "не" "звяла" яе "праўленне"...
Затое як наўколле упрыгожыла
і ажывіла сэрцайкі натхненнем!
Ну ці не дзіва — весніца-гарэзніца?
Дзяўчо-дзяўчо, а ўжо і гаспадыня!
Вось пачакайце — хутка й занявесціцца
і зачаруе...
песняй
салаўінай.
6.03.2017