На золаку ўлетку,
на зоркавым схіле
мы папараць-кветку
знайшлі і … згубілі.
Знайшлі і згубілі,
і выстылі страсці —
мы хутка забылі
імгненнае шчасце.
Імгненнае шчасце
забылі адчайна —
не здолела стацца
ні лёсам, ні тайнай.
Ні лёсам, ні тайнай…
Журбою і смуткам
прыходзіць звычайна
шчымлівай мінуткай.
Шчымлівай мінуткай
загадкай адорыць —
каб стаў больш
спакусным,
каб зведаў лепш горыч.
Каб зведаў лепш горыч
і мёд пачуцця
на плынным прасторы
вячніны жыцця.