Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Над Гайнай

Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

У Лагойску ёсць паданні,
Сэрцу мілыя, свае.
Прыкладзіце ж намаганне,
Ды паслухайце мяне.

То было ўжо даўнавата,
Але памяць зберагла.
Не скажу дакладнай даты,
Ды ўсё праўда, не мана!

Неяк, вечарам зімовым,
Горад ціха засынаў,
І пад чары снежнай мовы
Вецер песню напяваў.

Быў герой наш родам з Гайны,
Вёскі, у якой даўно
Вітаўт князь пакінуў тайны,
Баляваў і піў віно.

Ведаем, што слаўны Вітаўт
І касцёл там фундаваў,
Весялілась яго світа,
Нават нехта перабраў…

Вось і наш герой галоўны
У Лагойску адпачыў,
Гакнуў крэпка і грунтоўна,
Але сіл не разлічыў.

На двары марозны холад,
Дзе схавацца? На вакзал!
Ўзяў білет і спіць наш волат,
Нібы Вітаўт загадаў.

Сном салодкім апавіты
Ў светлых мроях уяўляў,
Што і ён ля княжнай світы
Срэбны келіх падымаў.

Ў гэты час аўтобус жвава
Лагазу ужо мінуў
І санлівага ласкава
Нехта у плячо штурхнуў.

- Прасынайцесь, калі ласка,
Закрываецца вакзал!
Ваша торбачка на звязцы? –
Голас ветлівы сказаў?

Як расплюшчыў свае вочы,
Азірнуўся хлопец наш,
Завіруха сярод ночы
Пачынала свой шабаш.

Выйшаў. Цемень, холад люты
І аўтобуса няма,
Раскідае свае путы
Беларуская зіма.

Тут пачуў матор здалёку,
Глядзь, міліцыя ідзе.
Паміргаў, пажмурыў вока,
Будзе выйсце у бядзе!

І насустрач шпарка, жвава
Рушыў стройны старшына,
Значыць добра будзе справа,
Ўсё ж, міліцыя свая!

Тут прыдумаў Славік хутка,
Што такое ім сказаць,
Каб у ночы гэтай жудкай
На двары не начаваць.

- Хлопцы! Тут такая справа,
Не глядзіце, што паддаў
І не думайце, што Слава
Сябрукоў сваіх задаваў.

Але ёсць у Гайне хлопец,
У яго свой аўтамат,
Ёсць таму дакладны доказ
І жалезны кампрамат!

Але ўжо такі удаўся,
Што нікому не аддасць!
Хто забраць не намагаўся,
Гляне, лепей не падлазь!

- Славік, ты падпіў салідна,
Сам не чуеш, што вярзеш!
Хіба хлусіць не агідна?
Лепш закусвай, калі п’еш!

- Хлопцы! Гавару адказна,
Што ў яго ёсць аўтамат!
З гэтай думкай неадвязнай
Я ўжо боўтаюся шмат.

Толькі паўтараю зноўку,
Не аддасць нікому ён!
Незвычайны хлопец, лоўкі,
І чакае вас аблом!

- Калі так, то у машыну!
Ты пакажаш дзе жыве!
Будзе мець ён кіслу міну,
Ўсё аддасць, аж запяе!

Хутка едуць, разважаюць
Хто які адхопіць чын,
Як злачынца затрымаюць,
Што шалее без прычын.

Гэта ж трэба, каб у вёсцы
Мець таемна аўтамат!
Раскатаць яго па дошцы!
Не? Аб’явім перахват!

- Ну, кажы давай! Дзе хата?
Як найлепей пераняць?
Думкі рояцца багата,
Рвуцца нэрвы, не стрымаць!

Пахапілі сваю зброю,
Ўсе напружылісь, як дрын,
З фермы пахла перагноем,
Сенажом нясло з адрын.

- Ціха! – Слаўка адазваўся,
Тут ён, толькі не спужаць!
Ад яго фашыст хаваўся
І пускаўся уцякаць.

Тут герой дыхнуў павольна,
Ціха йдзе атрад за ім,
Ды як зараве раздольна
Гучным голасам ліхім:

- Вось ён!!! На гары вялікай,
З аўтаматам у руцэ!
Не аддасць, хоць плач, хоць клікай,
Хоць сплаўляйся па рацэ!

І угледзелі рабяты
Слаўны помнік земляку,
Што фашыстаў біў праклятых
На сваім ліхім вяку.

Што стаіць цяпер над Гайнай,
Дзе Купала узрастаў,
Дзе Гілевіча адчайны
Лёс паэта напаткаў…

Вось гісторыя якая
Адбылася, землякі!
Той, хто добры розум мае
Зробіць вынік, хоць які.

Хлопцы з жарта пасмяялісь -
На дзяжурстве весялей.
Ўспаміналі, як спрачалісь
Хто ж такі з усіх смялей.

Ну, а Славік наш пакрочыў
Да свайго парога спаць,
І не трэба сярод ночы
Ўжо цяпла яму шукаць.

Помнік жа стаіць высока
І вартуе наш спакой,
Ад Лагойска недалёка,
Над славутаю ракой…