Незаўважна ляціць над Полацкам
Невядомы аб’ект паветраны,
Не бязьлюднай глухой ваколіцай,
А над самым цэнтрам — ў бок Ветрына.
І ня бачаць яго густабровыя
Ветэраны – народ без гадзіньнікаў.
Нат радары ня ловяць вайсковыя,
Што пад Полацкам сочаць пільненька.
Над Сафійкі крыжамі саборнымі,
Над часоваю дзьвінскаю прыстаньню,
Незаўважаная, непакорлівая
Павуцінка ляціць серабрыстая.
* * *
Дзічыну вязуць крывічы
У Полацак лесам аблажным.
Шлях ведаюць коні ўначы.
Яліны правераць паклажу.
Дазор каля Бельчыц гукне.
Сваіх ён няўжо не пазнае?!
Між дрэваў, нібыта ў вакне,
Сафія дасьвецьцем лунае.